четверг, 10 сентября 2026 г.

                                                                                                    Куляшова Наталля Аляксееўна,

ДУА “Жыровіцкая сярэдняя школа

Слонімскага раёна”,

Рэспубліка Беларусь

Інтэрактыўныя гульні на ўроках беларускай мовы і літаратуры

як інструмент актывізацыі пазнавальных здольнасцяў вучняў

Сучаснае становiшча навучання  школьнiкаў дыктуе неабходнасць пошуку новых шляхоў павышэння якасцi iх падрыхтоўкi,  новых сродкаў i метадаў навучання.

Адным з такiх сродкаў з’яўляюцца гульнявыя формы навучання.

Чаму гульня? Адказ знаходзіцца на паверхні. Любы чалавек выконвае з задавальненнем тую работу, якая для яго цікавая. Дзіця з цікавасцю гуляе. Значыць, неабходна выкарыстоўваць гульню як самы важны інструмент актывізацыі пазнавальных здольнасцяў дзіцяці, для яго развіцця.  Устаноўлена, што гульня садзейнiчае фармiраванню ў вучняў эмацыянальнага настрою, выклiкае станоўчыя адносiны да дзейнасцi, паляпшае агульную працаздольнасць, дае магчымасць шматразова паўтараць адзiн i той жа матэрыял без манатоннасцi  i суму.

Гульнi ўздзейнiчаюць на псiхiчную сферу вучняў. Заснаваныя на спаборнiцтве, яны шляхам параўнання паказваюць удзельнiкам гульнi ўзровень iх падрыхтаванасцi, трэнiраванасцi, падказваюць шляхi самаўдасканалення, а значыць, пабуджаюць iх пазнавальную актыўнасць.

У гульнi каманды цi асобныя вучнi з самага пачатку роўныя. Вынiк залежыць ад самога вучня, узроўню яго падрыхтаванасцi, здольнасцяў, вытрымкi, уменняў, характару. Сiтуацыя поспеху стварае спрыяльны эмацыянальны фон для развiцця пазнавальнага iнтарэсу. Няўдача ўспрымаецца не як асабiстае паражэнне, а як паражэнне ў гульнi i стымулюе пазнавальную дзейнасць (рэванш).

Выкарыстанне гульнi ў школе мае свае асаблiвасцi:

1) гульня не павiнна быць простым практыкаваннем з выкарыстаннем наглядных дапаможнiкаў;

2) гульня не павiнна выпадаць з агульных задач урока;

3) павiнны ўлiчвацца псiхафiзiялагiчныя асаблiвасцi дзяцей;

4) абавязкова павiнны падводзiцца вынiкi.

Выбар дыдактычнай гульнi абумоўлiваецца мэтамi, зместам, этапам урока. Так як i сам урок, гульня рэалiзуе пазнавальныя, выхаваўчыя i развiццёвыя задачы.

Пры выбары гульнi неабходна  кiравацца патрабаваннямi праграмы, г.зн. падбiраць такiя дыдактычныя гульнi, якiя  б адпавядалi тэме i дапамагалi  настаўнiку ў рэалiзацыi задач урока.

У пачатку ўрока мэта гульні – арганізаваць і зацікавіць дзяцей, стымуляваць іх актыўнасць. У сярэдзіне ўрока дыдактычная гульня павінна вырашыць задачу засваення тэмы; у канцы ўрока гульня можа насіць пошукавы характар.

  На аснове ўласнага педагагічнага вопыту магу адзначыць, што выкарыстанне гульняў мэтазгодна на наступных этапах урока: арганізацыйны момант, праверка дамашняга задання, актуалізацыя  ведаў, замацаванне новага матэрыялу, кантрольна-рэфлексійны этап. На любым этапе ўрока гульня павінна адказваць наступным патрабаванням: быць цікавай, даступнай, уключаць розныя віды дзейнасці дзяцей.

Выкарыстанне гульняў на ўроках роднай мовы і літаратуры дапамагае:

  • развiваць пазнавальную цікавасць да прадмета;

  • глыбока засвойваць матэрыял нават вучнямі з нізкай матывацыяй да навучання;

  • актывізаваць пазнавальную дзейнасць;

  • ствараць умовы для самавыяўлення асобы;

  • развіваць творчы патэнцыял вучняў;

  • разнастаiць вучэбную дзейнасць;

  • развіваць навыкi камунікацыі, пачуццё калектывізму.

Тыпы гульняў па віду дзейнасці навучэнцаў: гульні – падарожжы;

сюжэтныя гульні; гульні – загадкі; гульні – дыялогі; гульні – практыкаванні; квэст-гульні.

Такім чынам, выкарыстанне тэхналогіі дыдактычных гульняў  на ўроках беларускай мовы і літаратуры дапамагае ў выхаванні пазнавальных інтарэсаў і актывізацыі  пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.     

Інтэрактыўная гульня

“Святы і абрады беларусаў”

5 – 9 класы

Мэта: прапагандаваць сярод маладога пакалення народныя абрады і звычаі; развіваць уменні працаваць у камандзе; выхоўваць павагу да народных традыцый, пачуццё гонару за гістрычнае мінулае нашай краіны.

Умовы правядзення: гульня праводзіцца падчас Тыдня беларускай мовы і літаратуры; прымаюць удзел дзве каманды па 5-6 чалавек; на выкананне задання даецца 1 хвіліна; за кожнае заданне налічваецца адпаведная колькасць балаў; пераможцай становіцца каманда, якая набярэ большую колькасць балаў; правільнасць выканання заданняў ацэньвае журы.

Эпіграф:   Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына…

Янка Купала

Ход мерапрыемства

  1. Арганізацыйны этап.

Гульня “Рэбусаманія”.

На дошцы размешчаны назвы беларускіх народных святаў, зашыфраваныя ў рэбусы. Права першай выбіраць заданне атрымае каманда, якая расшыфруе рэбусы і пералічыць усе святы, пра якія сёння будзе ісці гаворка.

  1. Інтэрактыўная  гульня

Перад вамі табло. Злева размешчаны назвы святаў, справа, як вы бачыце, схаваны заданні рознай складанасці і кошту.

Першай права выбраць заданне атрымала каманда, якая хутчэй

расшыфравала рэбусы.

Дзяды

10

20

30

40

50

Вялікдзень

10

20

30

40

50

Каляды

10

20

30

40

50

Купалле

10

20

30

40

50

 

Дзяды

10 балаў. Свята Змітраўскія Дзяды прысвечана цэламу роду, які толькі ўспомніць людская памяць. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памерлых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваіх нашчадкаў, радуючыся за іх поспехі і сумуючы, калі ў хаце штосьці не так. Калі ж адзначаецца гэты дзень? (Восеньскія Дзяды адзначаліся праз тры тыдні пасля Пакроваў у суботу перад Змітравым днём).

20 балаў. На Дзяды гаспадыня абавязкова пякла свежы хлеб. Пяклася таксама маленькая булачка, якая завецца “дзедаўскі курак”. Каму аддавалі гаспадары спечаную булачку? (Жабракам).

30 балаў. Увечары ўсе члены сям’і збіраліся за сталом, на які ставілі розныя стравы і абавязкова куццю пад абразамі. Запальвалі свечку, успаміналі памерлых добрым словам. Але пасля вячэры не прыбіралі стол, нават абрусам не закрывалі. Чаму? (Каб душы продкаў не блукалі па хаце, шукаючы, дзе сесці і што паесці).

40 балаў. Гаспадыня ў “дзедаўскі дзень” мыла і чысціла ўсё ў хаце, не шкадуючы прыпасаў, гатавала святочныя абрадавыя стравы (іх колькасць павінна была быць няцотнай і не меней за 5). Заўсёды казалі: “Яды, як на Дзяды”. Ці можаце вы пералічыць асноўныя стравы гэтай вячэры? (Куцця, бліны, клёцкі з “душамі”, верашчака з каўбасой, крупнік з грыбамі ці рыбай, кісель).

50 балаў. Святочны вечар быў напоўнены добрым настроем і таямніцай. Дазвалялася нават спяваць, граць на музычных інструментах, скакаць, пераапранацца ў касцюмы з маскамі. Чаму сумнае свята памінання продкаў заканчвалася на такой вясёлай ноце? (Так паводзілі сябе таму, што продкаў трэба было не толькі добра пачаставаць, але і павесяліць. Лічылася, што тады яны будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і)

Вялікдзень

10 балаў. Вялікдзень – веснавое свята старажытных славян у гонар Сонца. Сёння сутнасць свята не змянілася – гэта перамога жыцця над смерцю. Назавіце сімвал свята Уваскрасення Ісуса Хрыста. (Чырвонае яечка, якое ўспрымалася сімвалам сусвету, выратаванага крывёю Хрыста).

20 балаў. У Велікодны дзень гаспадар і гаспадыня прыглядаліся, які госць завітае ў хату першым – мужчына ці жанчына. Навошта? (Калі першым ў хату завітаў мужчына, значыць, кароўка сёлета народзіць бычка, калі жанчына – цялушачку).

30 балаў. На Вялікдзень абыходзілі двары ў вёсцы пераапранутыя хлопцы і дзяўчаты, якія выконвалі пад вокнамі песні, усхваляючы гаспадара, яго жонку і дзяцей. За цудоўныя песні і пажаданні гаспадары адорвалі іх падарункамі: фарбаванымі яйкамі, пірагамі, грашыма. Як называлі гэтых людзей? Як вы можаце патлумачыць сэнс слова? (Валачобнікі. Слова паходзіць ад дзеяслова “валачыцца” – ‘ісці, брысці, хістацца’).

40 балаў. Распаўсюджанымі на Вялікдзень былі і гульні з яйкамі. Назавіце самую ўлюбёную гульню нашых продкаў. Як вы можаце патлумачыць значэнне назвы? (“Біткі” – біліся яйкамі адно аб адно і перамагаў той, у каго яйка заставалася цэлым).

50 балаў. На Вялікдзень рэшткі асвянчонай у царкве ежы нельга было выкінуць, яны выкарыстоўваліся з самымі разнастайнымі мэтамі. Крошкі і косткі маглі закапаць у полі або на гарышчы хаты. Для чаго гэта рабілі гаспадары? (Закопвалі ў полі, каб жыта ці бульба ўрадзілі і не пабіла градам, а на гарышчы – каб засцерагчы дом ад пажару).

Каляды

10 балаў. Абавязковая рытуальная ежа на Каляды – ячная каша з алеем або мёдам. Як яна называецца? Адкуль узялася назва? (Куцця. Звараная каша да заходу сонца ставілася на покуці, адсюль і назва)

20 балаў. На Каляды насілі зорку, на якой былі намаляваны розныя фігуркі. Што ўвасабляла гэтая зорка? (У старыя дахрысціянскія часы зорка была ўвасабленнем сонцавароту, а з прыняццем хрысціянства набыла рысы віфлеемскай зоркі)

30 балаў. Калядамі называлі ўвесь перыяд зімовых свят з 6 па 19 студзеня. Для гэтага часу характэрны розныя прыкметы і павер’і. Узнавіце іх па падказках.

Пытаецца люты                               што камароў насок

Зіма на лета прыйдзе                      дабра не жджы

Зімовая ночка                                  а зіме палавіна

Зімовы дзянёк                                  а лета на зіму

Калі ў студзень дажджы                 ці добра абуты

Студзень году пачатак                   дзеткам сарочка

40 балаў. Чаму ў цэнтры калядных падзей заўсёды знаходзілася каза?

(У старажытнай славянскай міфалогіі каза лічылася сімвалам урадлівасці і дабрабыту сям’і. Падчас тэатралізаванага калядавання рытуальная смерць казы сімвалізавала сабой заканчэнне старога года, праблем і хвароб, а жыўленне казы – сімвалам пачатку новага года, новага жыцця)

50 балаў. На Каляды стол перад куццёй прыбіралі па-асабліваму. Пад абрус абавязкова клалі сена. Навошта? (Па павер’і сена спрыяла добраму надою кароў і аберагала статак ад ваўкоў. Таксама гэты звычай звязваюць і з гісторыяй з’яўлення на свет Ісуса Хрыста, згодна з якой сена было ў калысцы, куды Марыя паклала немаўля пасля нараджэння)

Купалле

10 балаў. Назавіце дату, калі адзначаецца Купалле на Беларусі. (Праваслаўныя адзначаюць свята ў ноч з 6 на 7 ліпеня, каталікі – у ноч з 23 на 24 чэрвеня)

20 балаў. Якая кветка з’яўляецца сімвалам Купалля?

(У ноч на Івана Купалу шукалі папараць-кветку, бо лічылася, што знойдзенае ў лесе суквецце прынясе вялікае шчасце і поспех)

30 балаў. Назавіце сапраўднае імя вядомага беларускага паэта, які ад назвы свята ўтварыў свой псеўданім, напісаў наступныя радкі:

На Купалле на святое

Рві, матуля, зелле тое,

Што ў нас папараць завецца

І шчаслівым быць здаецца…

(Янка Купала – Іван Дамінікавіч Луцэвіч)

40 балаў. На Купалле беларусы праводзілі шмат сімвалічных абрадаў. Адзін з іх – рытуал ачышчэння агнём. Што ён сабою ўяўляў? (Людзі скакалі праз купальскае вогнішча, у ім спальвалікола-“сонца”, адзенне хворых, старыя рэчы)

50 балаў. Напярэдадні свята Купалля кожны гаспадар выкопваў з коранем невячкую асінку і клаў яе на вароты. Для чаго ён гэта рабіў? (Купальская ноч – гэта шабаш ведзьмаў і нячыстай сілы. Людзі лічылі, што ведзьма не зможа патрапіць у хату, бо баіцца асінавага кала)

  1. Падлічванне балаў, узнагарода пераможцаў.

Літаратура

  1. Доўгаль, Д.А. Займальны матэрыял па тэме “Беларускі каляндар”/Д.А. Доўгаль// Беларуская мова і літаратура. – 2008. – №1. – С.58-61.

  2. Катовіч, А. Веснавыя святы: нарысы: у 2 кн./ А.Катовіч, Я.Крук. – Мінск: Маст. літ., 2005. – Кн.1. – 359с.

  3. Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў/ В.Ліцьвінка. – 3-е выд. – Мінск: Беларусь, 2001. – 190с.

  4. Мінько, Л. Вялікдзень/ Л.Мінько// Настаўн.газ. – 1993. – 17 крас. – С.3.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

                                                                                                     Куляшова Наталля Аляксееўна, ДУА “Жыров...